Рэкі Беларусі. Наша з вамі зямля, можна сказаць, сочыцца вадою. Крыніцы, азёрцы, вымачыны, балоты, ручаі, рачулкі, магутныя рэкі і вялікія азёры. Мая карта рэк (а на ёй памечаны толькі рэкі даўжэйшыя за пяць кіламетраў) уся пранізана сінімі жылкамі, мабыць, гусцей, чым плоць чалавечая капілярамі. Такіх рэк на Беларусі дзве тысячы дзевяцьсот.
Усе рэкі Беларусі належаць да басейнаў двух мораў: Чорнага і Балтыйскага. Басейн Балтыйскага – гэта сістэма Нёмана, Заходняй Дзвіны, Буга і Ловаці. Басейн Чорнага – сістэма Дняпра з Бярэзінай, Сожам, Прыпяццю і іншымі, больш дробнымі рэкамі. Рэкі, за выключэннем некаторых, плывуць па раўнінах і таму павольныя. Але бываюць і невялічкія рэчкі, што бяруць вытокі з узвышшаў і таму бягуць досыць хутка.
Першымі адчуваюць подых вясны Прыпяць і Нёман. Яны бліжэй да Атлантыкі, да яе мяккага подыху. Пасля – Дняпро і толькі потым – Дзвіна з прытокамі. Гарматны грукат ляціць над ракою. Ільды спачатку пасоўваюцца, пасля ідуць трэшчынамі, ламаюцца – і пайшло.
У сярэднім на пачатку красавіка рэкі ўжо чыстыя. Пачынаецца повень. Цягнецца яна два месяцы з чымсьці, а на Прыпяці часам больш за тры. Шырыня вады пры разлівах на Прыпяці бывае ў трыццаць і болей кіламетраў. Але і Дняпро ў повень разліваецца ў некаторых месцах кіламетраў на дзесяць. Пасля рэкі, як у нас кажуць, “уваходзяць у трубу”. Але бывае і летняя паводка. Гэта калі ідуць праліўныя дажджы. На Дзвіне яна метр-паўтара, часам шэсць, на Дняпры да трох метраў, але бывае і болей. Бываюць і асеннія паводкі.
А ў канцы лістапада – снежні на рэкі кладзецца лёд. Тут бываюць і адхіленні. У халодныя гады лёд кладзецца на ваду нават у пачатку лістапада. У цёплыя, калі нават гракі не адлятаюць прэч, а зімуюць на поўдні Беларусі, лёд куе раку ў студзені, а то і ў лютым. (Паводле У. Караткевіча)
Дзвіна. Як не любіць Дзвіну, калі нарадзіўся на ёй, блукаў па яе ўзбярэжжы ў дзяцінстве і юнацтве, услухоўваўся ў плёскат яе хваль – то бурлівы, грозны ў вясновую паводку, то ціхі, мілагучны ў пагодны летні вечар, калі сачыў, як з лёгкім булькатам круцяцца пеністыя кольцы віроў.
Дзвіна. Паўночная водная артэрыя Беларусі, сястра Дняпра і Волгі, паблізу вярхоўяў якіх яна пачынае свой доўгі шлях на захад, да Балтыкі. Магутная рака, што злучае непарыўнай ніццю тры братнія зямлі. Рака, якую не абмінула гісторыя сваёй увагай ад даўніх часоў, схаваных у глыбінях стагоддзяў.
Глядзіш на яе срабрыста-блакітную гладзь, і міжвольна думаецца аб тым, што вось па ёй калісьці, у сівую мінуўшчыну, плылі вастраносыя ёмістыя лодкі: купцы з далёкіх краін везлі розныя вырабы рамеснікаў, каб абмяняць іх на таржышчы пад Сафійскай гарой у Полацку на зерне, мёд, воск, скуру, дарагія футры. А вось гэтымі берагамі праз цёмныя лясныя нетры, як ваўчыныя зграі, прабіраліся з захаду сквапныя да чужога дабра захопнікі.
Вось тут, – прыгадваюцца старонкі гісторыі, – ішлі жорсткія бітвы і ў далёкім мінулым, і на памяці нашых дзядоў і бацькоў.
Курганы, гарадзішчы, сляды колішніх абарончых умацаванняў, помнікі-абеліскі… Легенды і казкі ў народзе… Сведкай якіх толькі падзей не была Дзвіна! (Паводле Т. Хадкевіча)
Нёман і Лоша. …Даўным-даўно, тысячы гадоў таму, з-пад вялізнага каменя, дзе б’е крыніца, нарадзіўся славуты асілак. Яго назвалі Нёманам.
У суседстве жыла Лоша. Гультаяватая, ляжала яна ў цяньку, сабою любавалася. Нікому ад яе не было ні радасці, ні карысці. Лоша часта заглядала да свайго суседа. За маўклівасць называла яго Неманцом.
Цяпер ніхто не ведае, што Нёману спадабалася тая красуня. Адно вядома – было вяселле. Гуляла на ім уся жаніхова радня: і Сула, і Уса, і Уздзянка, і Шчара… Каго толькі тут не было! Пілі, балявалі, маладым шчасця ды добрай долі жадалі.
Скончылася вяселле, пачаліся будні.
Зноў Нёман не ведаў ні дня, ні ночы. Паіў, карміў, туліў усіх, хто да яго гарнуўся: і чалавека, і звера, і птаха, і рыбу, і жыўнасць усякую. Цешыў сваім люстэркам водным прыбярэжныя лясы, палеткі, лугі, на сваіх магутных грудзях насіў чоўны, ганяў плыты.
Не раз запрашаў на шырокую прастору і сваю красуню ненаглядную. Толькі тая была абыякавая, халодная да ўсяго, па-ранейшаму не хацела дзяліць са сваім волатам нягоды і радасці.
Не да душы было такое жыццё Нёману. Аднойчы цёмнай ноччу кінуўся ўпрочкі. Стараўся замесці след: там пад поплавам прабяжыць, там, дзеля перадыху, вынырне плёсам, тоняй, азярынкаю, а потым зноў схаваецца. І толькі там, дзе цяпер Забалацце стаіць, асілак у адкрытую пайшоў да мора.
Прачнулася Лоша, а Нёмана няма. Пачала даганяць уцекача, ды не ў той бок кінулася. Па далінах ды нізінах бегла. Ажно сіл не ставала, дый не ведала, куды далей падацца. Гукала-клікала на дапамогу, але ніхто не прыйшоў – ні Пціч, ні Бярэзіна, ні Свіслач… Толькі Выня паспачувала гору сваёй сяброўкі. Выбеглі яны ўдзвюх да груда пясчанага, дзе сягоння Пясочнае, і ўбачылі: Нёман праз долы і лясы дарогу сабе пракладае. Хвалямі горкіх слёз кінулася Лоша ў абдымкі да свайго асілка: адчула, што жыць па-ранейшаму, ды яшчэ адной заставацца, не варта – знікнуць можна. Пачала дапамагаць Нёману. З часам і людзі не абмінулі яе стараною: паблізу пачалі будавацца. Так нарадзіліся вёскі Лоша, Мрочкі, Перавоз, Сасноўка, Рачыца, Пясочнае.
Нёман ніколі не забывае родныя мясціны. Кожную вясну, кожную восень дажджлівую вяртаецца да маці сваёй – крынічкі, якая цячэ з-пад вялізнага каменя. Вяртаецца сюды, каб сустрэцца са сваёй Лошаю, са сваёй маладосцю… (З народнага)
Бяроза. Яна для мяне адзіная. Не спяшайцеся абвяргаць мяне, выстаўляючы свае высновы. Хлопец пакахаў дзяўчыну, далёка не самую прыгожую на свеце. Але яна для яго адзіная. Каханне такое, нічога не зробіш. Бачыў я Волгу, Енісей, Об. Здзіўляўся і захапляўся іх веліччу. Але яны былі толькі здзіўленнем і захапленнем і не зрабіліся часткаю душы маёй.
Бяроза ў мяне адна, як адна вёска, дзе я нарадзіўся, як адна маці, якая дала мне жыццё. На Бярозе я ўпершыню ўбачыў сапраўдны мост, які злучаў два берагі, трымаючыся на высокіх нагах-палях і прапускаючы пад сабой параходы. І па Бярозе на параходзе я ўпершыню ехаў у горад, каб атрымаць адукацыю.
Першая лодка, першы плёскат рыбіны, першыя заходы і ўсходы сонца над шырокім лугам, залітым густой сінню разнатраўя. Першы крыгаход і першы разліў вады ад краю да краю. Гэта ты, Бяроза. Мы падняліся ўгору па ёй кіламетраў на сем, прычалілі да берага. Мы нічога з сабой не бралі. Ні вуд, ні іншых прылад, якімі ловяць рыбу. Мы ехалі адпачыць на ўлонні прыроды, пабавіць час. (Паводле Я. Ермаловіча)
Азёры Беларусі. Азёры – вочы зямлі. Воблік Беларусі нельга сабе ўявіць без азёр. Іх у нас каля адзінаццаці тысяч. Вялікія і малыя, цёмныя, балотныя і светлыя, як самое святло, Лясныя, як Кромань або Свіцязь, і бязлесныя – яны па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Нарач – адно з самых буйных азёр Беларусі: яго даўжыня каля трынаццаці кіламетраў, глыбіня – больш за дваццаць метраў. Як і ў іншых азёрах і рэках Балтыйскага басейна, у Нарачы водзіцца розная рыба. Але найбольш цікавая, вядома, вугор. Доўгі, змеепадобны, тоўсты, ён не проста адна з самых смачных нашых рыб, але і самая незвычайная. Ён можа прапаўзці невялікую адлегласць ад вадаёма да вадаёма
Водзяцца таксама ў азёрах сігі, сялява (рапушка), сняток (корушка). У рэках – мінога ручайная, гальян, гарчак, быстранка, галец. І паўсюль шчупак – рачны тыгр, тоўстая плотка, язь, прагны галавень, чырванапёрка, залаты лінь, жэрах, срэбная верхаводка, ляшчы, рыбцы, залаты карась, лянівы вусаты казак-сом, чорна-ліловы мянтуз, судак, акунь і задзіра-ёрш. Ёсць таксама стронга, харыюс, падусты, вусачы, а ў Дняпры, акрамя таго, выразубы, сцерлядзі і вельмі рэдка асятры.
Рыбалоўства на Беларусі існавала спрадвечна. Пры раскопцы старажытных стаянак чалавека часта знаходзяць рыбіны косткі, касцяныя, а пасля і металічныя, кручкі. Лавілі не толькі з берага. Самаму старому чаўну, знойдзенаму на Беларусі і выстаўленаму ў Пінскім музеі, сем тысяч год. Гэта яшчэ новы каменны век, неаліт. Як човен збярогся? Ну, па-першае, дуб толькі мацнее ад вады. А па-другое, човен трапіў у тарфянік, які і закансерваваў яго.
Азёры прыносяць не толькі матэрыяльную, але і духоўную карысць. Азёры не толькі кормяць навакольны люд, але і натхняюць паэтаў. Свіцязь натхняла Міцкевіча, возера Няшчэрда – аднаго з першых беларускіх пісьменнікаў новага часу, аўтара чатырохтомнага зборніка апавяданняў “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” Яна Баршчэўскага.
Або Князь-возера, якое цяпер невядома чаму называюць Чырвоным. Гэта на Палессі, паўночней Турава. Легенда, звязаная з гэтым месцам, натхніла кампазітара В. А. Залатарова на стварэнне цудоўнага балета “Князь-возера”. (Паводле У. Караткевіча)
Нарач – самае вялікае возера Беларусі. Плошча яго – восемдзесят квадратных кіламетраў. Найбольшая глыбіня – пяцьдзесят метраў. Знаходзіцца яно на паўночным захадзе Мінскай вобласці.
Нарач адносіцца да азёр, якія не зарастаюць раслінамі. Вада ў гэтых азёрах чыстая, багатая на кісларод. У іх адбываецца безупынны рух вады ад ветру і ад глыбінных плыняў. Дзякуючы гэтаму прыбярэжная паласа не ператвараецца ў балота і возера застаецца чыстае і адкрытае. Над Нараччу амаль заўсёды дзьмуць вятры.
На паўднёвым усходзе з возера выцякае рэчка Нарач, якую мясцовыя жыхары называюць Нарачанкай. Звілістай стужкай прабіраецца яна сярод топкага балота, якое зарасло хмызняком і чаротам, у раку Вілію, прыток Нёмана.
На поўначы бераг возера закругляецца, набываючы форму чашы, да краёў напоўненай вадой. З усходняга боку віецца паўз возера дарога, абапал якой высяцца сосны, расце ядловец. Справа – цягнецца цудоўны сухі і вясёлы сасновы бор. Злева – наступаюць на бераг хвалі.
На паўднёвым беразе лясоў няма. Да вады спускаюцца спадзістыя ўзгоркі. На іх расце толькі трава. Бераг нізкі, з зараснікамі трыснягу і чароту.
На ўсходзе возера Нарач злучаецца вузкім пралівам між пясчаных кос з возерам Мястра, плошча якога – трынаццаць квадратных кіламетраў. Непадалёку знаходзіцца возера Мядзель і маленькае возера Баторын. (Паводле В. Вольскага)
Свіцязь. Дзівоснай кропляй-расінкай ляжыць у цэнтры Навагрудскага ўзвышша за пяць-шэсць кіламетраў ад вёскі Валеўка возера Свіцязь. Возера мае плошчу каля ста сямідзесяці гектараў. Форма яго амаль акруглая. Найбольшая глыбіня пятнаццаць метраў.
Жвавенькая рачулка Сваротва выцякае з возера. Пэўна, ніхто лепш за яе не ведае Свіцязь, бо яна ў яго адзіная, свая. Больш няма ні рэчак, ні ручаёў, якія б выцякалі або ўпадалі ў Свіцязь. Сваротве ўвесь давер, ласка, любоў. І яна плоціць тым жа. Пяшчотнай і чулай выцякае яна з возера і спявае яму жаўруком, спявае, цешыць і радуе сваёй міласэрнасцю, рухавасцю, няўрымлівасцю. І Свіцязь у захапленні ад жыцця. Ловіць воблачкі-пушынкі, сонца купае ў сваёй купелі, узіраецца, усміхаючыся, у вячыстыя карункі дрэў, якія шырокім, багата вышытым поясам атуляюць яго, лашчацца да яго.
Возера Свіцязь разам з навакольнымі лясамі – помнік прыроды. Тут шмат самых розных парод дрэў. Растуць яны змешана. Дуб, елка, граб з ясенем, клёнам. Асіны ж на невялікіх плошчах любяць расці разам з сасоннікам, алешнікам, бярэзнікам.
Лясы добра захаваліся, і ягад у іх безліч: чарніц, брусніц, суніц. А ў густых зарасніках сярод вялікай разнастайнасці – рэдкія архідэі. Прыгожая, аж дух займае, гэтая ўзгоркавая мясцовасць. Нярэдка волаты-дубы чапляюцца за воблакі і, здаецца, плывуць. Калі доўга глядзець, закружыцца галава і падумаецца, што і сам плывеш кудысьці ў вялікі свет і нясеш з сабой цудоўную легенду аб няскораным горадзе. (Паводле П. Сабіны)
Князь-возера. Возера было велічэзнае, як мора, а пасля пачало сохнуць, змяншацца і ўрэшце зрабілася зусім маленькім. Людзям жыць стала лепей, а рыбам горш. І вось астравок пасярэдзіне гэтага маленькага люстэрка вады аблюбаваў князь Алелькавіч-Слуцкі з пакалення Альгерда. Пабудаваў тут замак і стаў княжыць, але расперазаўся так, нібы над акругаю панаваў не чалавек, а д’ябал. А людзі цярпелі, мучыліся, елі кару. І праходзіў Падарожнік, які ведаў усё. Чытаў ён усе кнігі, нават Галубіную, што ўпала з неба. Бачыў Падарожнік, што ўсе людзі кладуцца спаць галодныя. І сказаў ён, што зладзействам князя не будзе мяжы, пакуль людзі будуць іх цярпець. Ніхто яго не паслухаў.
А князь лютаваў. Узненавідзеў брата і пасадзіў яго ў вечна мокрыя сутарэнні замка, якія былі ніжэй за ўзровень возера. І нявесту аднаго хлопца, якая не хацела адказаць князю ўзаемнасцю, кінуў у тыя ж падзямеллі. І многіх-многіх іншых.
Але прыйшла мяжа цярпення зямлі. У адну ноч пачалі біць шалёныя маланкі, грымець перуны, аж калацілася цвердзь. Замак і ўсё наваколле пачалі правальвацца ў воды возера. Страшныя валы пабеглі на зямлю, залівалі хаты, лясы. Вежы замка зніклі ў пене на вачах. І цярпенне людзей скончылася ў тую самую ноч, і яны выйшлі з хат з доўбнямі і віламі якраз тады, калі д’яблава гняздо пачало тануць. І вось тут, убачыўшы, што цярпенню людзей прыйшоў канец, зямля злітавалася. Сціхнулі воды, і толькі муры і вежы замка канчаткова і назаўсёды зніклі пад вадой. Панаваць у ім, жыць у пакоях, слізгаць у байніцы сталі рыбы.
Так, калі верыць легендзе, і ўтварылася Князь-возера. (Паводле У. Караткевіча)
Блакітныя азёры. На паўночным захадзе Беларусі, дзе сходзяцца межы трох абласцей – Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай, размешчана Балдуцкая група азёр. Невялікія па плошчы, але глыбокія, азёры ўражваюць сваім хараством. Злучаныя паміж сабою ручаямі, яны здаюцца казачнымі. У тысяча дзевяцьсот семдзесят другім годзе дзеля аховы гэтага дзіўнага прыроднага комплексу быў створаны ландшафтны заказнік “Блакітныя азёры”.
Хваёвыя лясы займаюць каля дзевяноста працэнтаў тэрыторыі заказніка. Растуць тут больш за пяцьсот відаў вышэйшых раслін, сярод якіх шмат ахоўных (венерын чаравічак, баранец звычайны). Толькі тут у межах Беларусі сустракаецца меч-трава звычайная. Расце яна ў прыбярэжнай паласе на глыбіні да паўметра. Пустыя, амаль цыліндрычныя сцяблы гэтай расліны дасягаюць да паўтара метра. Меч-трава расце толькі ў двух невялікіх азёрах – Глубенька і Ячмянец.
Чыстая вада, маляўнічыя берагі азёр, лясістыя ўзгоркі штогод прывабліваюць да сябе сотні турыстаў. (С. Адзінцоў, С. Сідор)
Браслаўскія азёры. На захадзе Віцебскай вобласці, ля самай мяжы з Латвіяй, у маляўнічай узгорыстай мясцовасці размешчана вялікая група азёр пад агульнай назвай – Браслаўскія азёры. Больш за трыццаць азёр займаюць плошчу звыш ста дзесяці квадратных кіламетраў. Самыя вялікія сярод іх азёры Дрывяты, Снуды, Струста, Волас, Войса. Азёры злучаны паміж сабой рэкамі, ручаямі і пратокамі.
На беразе прыгожага возера Дрывяты стаіць адзін са старажытных беларускіх гарадоў – Браслаў, летапісны Брачыслаўль, названы імем полацкага князя Брачыслава Ізяславіча, унука Рагнеды і Уладзіміра Святаславіча. Яму больш за дзевяцьсот гадоў, бо ўпершыню ўпамінаецца ў хроніцы М. Стрыйкоўскага пад тысяча шэсцьдзесят пятым годам. Раскопкі паказалі, што Браслаў узнік у пачатку дзевятага стагоддзя на месцы спаленага латгальскага паселішча.
У наш час каля возера знаходзіцца турысцкая база “Браслаўскія азёры”. Пракладзены цікавы водна-турысцкі маршрут. (С. Адзінцоў, С. Сідор)
Возера Сялява. На самай поўначы Крупскага раёна Мінскай вобласці ёсць возера з дзіўнай назвай Сялява. Гэта сапраўды цудоўны куток беларускай прыроды. Плошча возера складае ўсяго пятнаццаць квадратных кіламетраў. Шырокай пратокай яно злучана з другім возерам – Абіда. Нізкія пясчаныя берагі Сялявы зліваюцца з небасхілам.
Возера багата рыбай. Водзяцца ў ім плоткі, акуні, ляшчы, шчупакі, ліні. А колькі тут вадаплаўных птушак! Чайкі, чаплі, чыркі, качкі. У прыбярэжных лясах з’явіўся чорны бусел. На жаль, знікае шыракапальцы рак, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Для падтрымання воднага рэжыму возера ў тысяча дзевяцьсот восемдзесят першым годзе арганізаваны гідралагічны заказнік “Прошыцкія балоты”. (С. Адзінцоў, С. Сідор)
Ганалес. У тысяча дзевяцьсот пяцьдзесят шостым годзе за дзесяць кіламетраў на паўночны захад ад Мінска, на паўднёва-ўсходніх схілах Мінскага ўзвышша, было створана вялікае вадасховішча. Плошча яго складае каля трыццаці квадратных кіламетраў, сярэдняя глыбіня – тры цэлых і восем дзесятых метра. Вадасховішча сталі называць Ганалес. Такую назву насілі вёска і балота, на месцы якіх ўзнікла вадасховішча. Крыху пазней вадасховішча перайменавалі ў Заслаўскае.
Спадзістыя схілы, спрыяльныя мікракліматычныя ўмовы, маляўнічыя лясныя масівы, пясчаныя берагі сталі адным з самых любімых месцаў адпачынку мінчан. Яны назвалі вадасховішча Мінскім морам. Гэтая назва паступова стала выцясняць дзве папярэднія. Відаць, далёка не кожны мінчанін сёння ведае, што такое Ганалес.
На беразе вадасховішча размясціліся шматлікія санаторыі, спартыўныя базы. Багатае рыбай, яно прыцягвае да сябе ўлетку і зімой сотні рыбакоў. (С.Адзінцоў, С. Сідор)